Беларускае Аб’яднанне Студэнтаў з’яўляецца грамадскай арганізацыяй, якая ўжо трыццаць гадоў дзейнічае ў беларускім студэнцкім асяроддзі Польшчы, галоўным чынам на ніве культуры, а таксама ў сферы адукацыі і турызму.
Беларускае Аб’яднанне Студэнтаў было заснаванае ў першай палове 1981 на хвалі дэмакратычных пераўтварэнняў, якія адбываліся ў краіне, пакутуючай ад эканамічнага крызісу. Стварэнне другой, побач з Беларускім грамадска-культурным таварыствам, беларускай арганізацыі было вынікам фактычнай патрэбы студэнцкай грамады, якая не магла рэалізаваць свае ініцыятывы ў існуючай арганізацыі, цалкам залежнай ад улад таталітарнай дзяржавы. Стварэнне БАСу было, у першую чаргу, рэакцыяй маладога пакалення беларусаў на ідэйны і арганізацыйны крызіс, які згубна уздзейнічаў на асроддзе беларускай меншасці ў Польшчы сямідзесятых гадоў ХХ стагоддзя. Да канца года працягвалася работа па рэгістрацыі БАС, на якую ўлады не выказвалі згоды.
У сувязі з увядзеннем ў Польшчы 13 сьнежня 1981 г. ваеннаега становішча, дзейнасць БАС была перапынена. У 1982 годзе студэнты нелегальна прадоўжылі сваю дзейнасць. Афіцыйным працягам арганізацыйнай ініцыятывы беларускіх студэнтаў стаў Савет Культуры студэнтаў беларускай нацыянальнасці, створаны ў 1983 годзе пры Цэнтральным Савеце Культуры Асацыяцыі польскіх студэнтаў. У 1987 годзе на Кангрэсе беларускіх студэнтаў у Бельску Падляшскім была прынята пастанова аб стварэнні незалежнай студэнцкай арганізацыі. 25 сакавіка 1988 года была паклікана ініцыятыўная група дзеля рэгістрацыі БАС як асацыяцыі. Пасля шматразовай адмовы ўладаў Беларускае Аб’яднанне Студэнтаў усё ж было зарэгістравана (29 лістапада 1988 г.) і стала другой пасля БГКТ законнай дзеючай беларускай арганізацыяй у пасляваеннай Польшчы.
Галоўнай уладай БАС з’яўляецца Агульны Сход сяброў і Галоўная Рада – першапачаткова з сядзібай у Варшаве, а з 1991 г.- у Беластоку. За сваю трыццацігадовую дзейнасць Аб’яднанне мела свае аддзелы ў Варшаве, Беластоку, Любліне, Ольштыне, Гданьску і нават у Злучаных Штатах Амерыкі.
З 1991 года БАС з’яўляецца адным з сябраў-заснавальнікаў Савета беларускіх арганізацый у Польшчы, перайменаванага ў 1993 годзе ў Беларускі Саюз у Рэспубліцы Польшча. У 1992 годзе БАС супольна з Беларускім літаратурным аб’яднаннем «Белавежа», Беларускім дэмакратычным аб’яднаннем і Звязам Беларускай Моладзі стварыў Праграмную Раду Беларускага тыднёвіка «Ніва».
БАС быў арганізатарам шматлікіх культурных ініцыятываў: Фестываля музыкі маладой Беларусі «Басовішча» у Гарадку (з 1990), «Купалля», Беларускіх моладзевых турніраў (сумесна з беларускімі ліцэямі ў Бельску Падляшскім і Гайнаўцы і са Звязам Беларускай Моладзі), Беларускага Народнага Універсітэта, экспедыцыяў «Бацькаўшчына», «Падарожжа», «Развітанне».
Студэнцкая супольнасць, прызнаючы важную ролю традыцый у патрыятычным выхаванні беларусаў, узнавіла традыцыі святкавання гадавіны абвяшчэння БНР, ладзячы 25 сакавіка 1985 ў Варшаве нелегальную урачыстасць.
У 1981 і 1988 гадах, Аб’яднанне выдавала бюлетэнь “Апошнія паведамленні БАС”, а ў 1983-1990 гадах з’явіліся 13 выпускаў бюлетэня “Сустрэчы”. У тыднёвіку “Ніва” у 1986-1992 гадах была студэнцкая старонка “Прысутнасць”. Выдавецкая камісія БАС займалася публікацыямі ў галіне гісторыі і культуры Беларусі.
З 1988 года старшынямі БАС былі: Яўген Вапа (1988-1989), Уладзімір Пaц (1989-1991), Барбара Кучыньска (1991-1993), Юры Сульжык (1993-1995), Тамаш Tапалеўскі (1995-1996), Марак Заброцкі (1996-1997), Лукаш Сцепанюк (1997), Юры Шульскі (1997-1999), Андрэй Kарчэўскі (199….- 199…), Уладзімір Пац, Ілона Карпюк (200.. – 200..), Радаслаў Дамброўскі (200.. – 200..), Мажэна Саевіч (2009), Кацярына Кузьміч (2009 – па сённяшні дзень).
